29 марта 2024, пятница15:06

Экономика

Колькі сёлета каштуе развітацца са школай

20 апреля 2012, 13:00

Затраты на школьны баль у гэтым годзе абяцаюць пабіць усе папярэднія рэкорды.

Кошты сягаюць у неба

Хутка краіна атрымае чарговых выпускнікоў сярэдніх навучальных устаноў. Развітанне са школай ці ліцэем — гэта не толькі апошні званок і экзамены, але і развітальны выпускны баль, адна з самых кранальных урачыстасцей у жыцці кожнага чалавека. Праўда, для таго каб мерапрыемства сапраўды стала запамінальным, бацькам давядзецца раскашэліцца на кругленькую суму. Колькі сёлета будзе каштаваць свята развітання са школай? Паспрабуем палічыць хаця б прыблізна.

Сукенка і касцюм

Паколькі для дзяўчыны выпускны вечар — гэта як першы баль Наташы Растовай, то, безумоўна, хочацца быць чароўнай. Сярэдняя цана вячэрняга ўбору вагаецца ад 300 да 800 тысяч рублёў. За гэтыя грошы можна набыць практычны варыянт, які і пасля выпускнога можна будзе апрануць яшчэ на некалькі святочных мерапрыемстваў. Але можна і “шыкануць” (чаго вельмі хочацца), патраціўшы на ўбор больш за мільён.

Юнакам прасцей. Іх выдаткі на вопратку не такія вялікія. На рынку мужчынскую двойку можна набыць за 600 тысяч, брэндавы касцюм у краме каштуе каля мільёна. Кашуля з гальштукам “пацягнуць” яшчэ тысяч на 250 як мінімум.

Абутак

Як правіла, прыдатнага да выпускнога ўбору абутку ў гардэробе ні ў дзяўчат, ні ў хлопцаў не знаходзіцца. Нават калі нешта і падыдзе, то мала каму захочацца прыходзіць на баль у старых туфліках. Таму рыхтуйцеся: цана на прыстойны абутак “стартуе” ад 400 000 і сягае ў завоблачную далеч.

Прычоска

Калі вы не хочаце пайсці на баль з традыцыйным “хвастом” або валасамі а-ля “не паспела накруціць”, то запісвацца да цырульніка трэба загадзя з улікам таго, што ўсе выпускныя праходзяць у адзін дзень, і час цырульнікаў бліжэй ды выпускнога распісаны па хвілінах. Правераны варыянт — лепш запісвацца за месяц. Работа майстра каштуе (прынамсі, цяпер) не менш як 80 000. Пастрыгчы, пафарбаваць, падраўнаваць валасы да ўкладкі таксама трэба загадзя — гэта яшчэ ад 50 000 да 100 000 рублёў.
Па гэтым пункце выдаткаў маладыя людзі ў выйгрышы: паслугі мужчынскага цырульніка каштуюць у большасці цырулень максімум 40 000.

Кветкі

Букеты з жывых кветак сёння прадаюцца як творы мастацтва — па-іншаму проста немагчыма растлумачыць кошты на іх. Адна ружа — 30—60 тысяч. Складаныя кампазіцыі з лілей, палявых кветак, хрызантэм і вяргіняў абыдуцца да 150 000. Кошык з кветкамі каштуе да 300 000 рублёў.

Выпускны альбом

Якасць сённяшніх выпускных альбомаў вымушае жадаць лепшага. Атрымаўшы доўгачаканы “твор” на рукі, некаторыя выпускнікі нават не хочуць хваліцца такім шэдэўрам. Так што прапаноўваю рабіць заказ толькі ў правераных майстроў. Кошт альбомаў залежыць ад колькасці разваротаў і памеру старонак і складае ў сярэднім 25—30 долараў.

Стужкі

Выпускныя стужкі — не простае ўпрыгажэнне, а знак заканчэння чарговага этапу ў жыцці, аптымальны спосаб для таго, каб вылучыць выпускнікоў сярод вялікай колькасці настаўнікаў, бацькоў і сваякоў. І гэты сімвал пераходу з дзяцінства ў сталае жыццё сёння каштуе не менш як 20 000. І гэта не кветкі, якія загадзя не купіш. Таму раю паспяшацца, каб потым зэканоміць.

Арэнда кафэ

Галоўны артыкул выдаткаў — арганізацыя непасрэдна самога выпускнога вечару. Тут няма адзіных крытэрыяў. Усё залежыць ад густу і фантазіі вучняў і, вядома, ад матэрыяльных магчымасцей іх бацькоў. Варыянтаў правядзення выпускнога балю шмат. Як паказвае вопыт папярэдніх выпускаў, некаторыя абмяжоўваюцца простым застоллем у школе і трацяцца толькі на закупку прадуктаў (ад 30 000 і больш з чалавека).

Аплата святочнага меню і арэнды будынка для правядзення выпускнога вечара ў кафэ-бары-рэстаране на момант напісання гэтага матэрыялу складала 60, 80,150, 250 тысяч з чалавека. У залежнасці ад рэгіена краіны і класа ўстановы грамадскага харчавання.

Давядзецца таксама “скінуцца” і на афармленне памяшкання: шарыкі, званочкі, паштоўкі, папкі выпускнікоў. Гэты артыкул, калі без празмернасцей, складзе 20 000 з чалавека. А здымка выпускнога на DVD? Гэта яшчэ плюс 35—40 у.а. Але на гэтым можна зэканоміць, калі бацькі будуць здымаць сваіх дзяцей самі.

Дадатковыя выдаткі

Яны заўсёды ўзнікаюць досыць нечакана і даволі адчувальныя для сямейнага бюджэту. Ну, напрыклад, бацькі выпускніка ці выпускніцы хочуць у сямейным коле адзначыць заканчэнне ім ці ёй школы (ліцэя) і накрыць адпаведна “паляну”. А гэта ад 500 000 і больш.

Пасля заканчэння выпускнога вечару маладыя людзі дружна захочуць яго прадоўжыць дзе-небудзь у боўлінг-клубе або згуляць у більярд, што будзе каштаваць недзе 150—300 тысяч рублёў.

Выпускніца таксама вельмі пажадае набыць ды выпускнога адмысловы пярсцёнак, завушніцы ці ланцужок. Тут артыкулы трат абсалютна непрадказальныя.

Усяго разам

Палічыўшы выдаткі, можна схапіцца за сэрца, выпіць настойку валяр’яну і заклікаць да неба: ну дзе ж тое поле цудаў, на якім можна сабраць столькі грошай?! У залежнасці ад магчымасцей выпускныя вечары абыдуцца 4—5 мільёнаў рублёў і больш.

З мінулагодняга вопыту

Аб тым, у якія сумы вылілася арганізацыя выпускнога для дачкі ў мінулым годзе, са мной падзялілася лунінчанка Святлана Фёдараўна Мікітчук: “Выдаткі на выпускны былі крыху меншыя, чым у астатніх аднакласнікаў дачкі, бо рэчы мы куплялі ў асноўным ва Украіне, дзе ўсё на палову таннейшае. Увесь жа выпускны нам абышоўся каля 1 200 000”.

Аднак гэта было яшчэ да дэвальвацыі, пры стабільным курсе долара. Вось і лічыце.

Але майце на ўвазе: для вашага сямнаццацігадовага дзіцяці, якое фактычна ўступае ў дарослае жыцце, выпускны вечар — бадай, самая галоўная падзея ў жыцці…

 

АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ ПОГЛЯД

Людміла Буканчук, маці двух хлопчыкаў 10 і 14 год:

— Мяне ў гэтай сітуацыі абураюць не кошты, а сам факт падрыхтоўкі да выпускнога як да апошняга дня ў жыцці. Так, я згодная, што выпускны баль для старшакласнікаў — падзея, але менавіта мы, дарослыя, ператварылі яе ў нейкі ажыятаж вакол адзення, упрыгажэнняў і рэстаранаў. Менавіта мы пачынаем рыхтаваць сваіх дзяцей да “самага галоўнага свята” яшчэ з дзіцячага сада. Заканчваеш наведваць старшую групу ў садку — абавязкова адсвяткуеш! Прычым пагуляць табе давядзецца не толькі на звыклым ранішніку: бацькі збяруцца загадзя і абмяркуюць, якое кафэ ці клуб выбраць для забаў, каб і дыскатэка была, і боўлінг, і бацькам можна было шампанскага выпіць. Ты яшчэ зусім маленькі? Нічога страшнага — у боўлінгу для цябе знойдуцца шары патрэбнага памеру. Хлопчыкам, зноў жа пагаджуся, і тут прасцей — знайсці джынсы і стыльную майку ў гардэробе сучаснага маленькага дэндзі будзе нескладана. Ну а дзяўчынкам маці набудуць першыя бальныя сукенкі даўжынёй да падлогі, балазе, выбар іх у крамах і на рынках сёння багаты. Кошты, канечне, палохаюць, але чаго не зробішь дзеля дзіцяці?!
Між тым мала хто з бацькоў задумваецца аб тым, ці зручна будзе іх дачушцы танчыць на дыскатэцы, ды і на ранішніку таксама, у такім доўгім уборы (які да таго ж часам купляецца з так званым запасам — каб хапіла на некалькі гадоў). Маленькія ж прынцэсы ацэняць сукенку ці спадніцу з блузкай ужо толькі падчас самога свята, калі паглядзяць навокал і заўважаць, што ў нечым падобным прыйшлі і іх сяброўкі. І зусім ніякавата адчуюць сябе тыя малышкі, бацькі якіх не прытрымаліся агульнай традыцыі і не набылі бліскучую пышную сукенку…

А потым будзе пачатковая школа, і сітуацыя паўторыцца. І грошай таксама спатрэбіцца нямала: ужо на першым бацькоўскім сходзе настаўніца папярэдзіць бацькоў чацвёртакласнікаў аб тым, што ў іх школе прынята дарыць падарункі… школе. Чуеце, як гэта гучыць — “прынята дарыць”? І бацькі ўсе пачнуць ківаць галовамі ў знак згоды, бо паціху ўжо прывыклі дарыць падарункі па патрабаванні, а не з асабістага жадання. Акрамя гэтага, на працягу ўсяго навучальнага года будуць збірацца грошы з мам і татаў на кветкі ўсёй адміністрацыі і, безумоўна, на падарункі да ўсіх свят для першай настаўніцы — на Дзень настаўніка, Новы год, 8 Сакавіка і, канечне, на дзень нараджэння педагога. Банальная падпіска на часопіс “Пачатковая школа” ў якасці падарунка тут ужо не пройдзе. Кветкі, цукеркі, кава/чай, камп’ютарныя гаджэты, сертыфікат на пакупкі ў якой-небудзь буйной краме на значную суму — вось няпоўны пералік магчымых “радасцей”. Безумоўна, выдаткі на “весялуху” ў кафэ на выпускны пасля 4 класа праходзяць асобным артыкулам. Калі ж вы адмовіцеся, то станеце ворагам № 1 для астатніх бацькоў-“калег”…

Таму не варта здзіўляцца вялікім грашовым сумам напярэдадні выпускных у сярэдняй школе. Бацькі заўсёды знойдуць грошы, для таго каб задаволіць свае ўнутраныя патрэбы, якія яны пастараліся ўжо трывала перадаць сваім дзецям. І апошнія лічаць цалкам нармальным, развітваючыся са школай, сядзець за адным сталом з дарослымі, прычым далёка не “салодкім сталом”, як у дзяцінстве. Дзяцінства сапраўды заканчваецца для нашых дзяцей у 16 гадоў, у той момант, калі бацька ўласнаруч налівае і працягвае сыну чарку ці дачцэ — бакал з віном, а потым усе разам, ледзь трымаючыся на нагах, сустракаюць світанне…


Все регионы

Фото: ТГ унинецкого райисполкома
Фото иллюстрационное из архива Медиа-Полесья
Фото из архива
Фото использовано в качестве иллюстрации, из архива МП

В стране и мире

Алим Кошеваров. Источник фото: zerkalo.io
Снимок носит иллюстративный характер / Фото: телеграм-в.рф
Фото использовано в качестве иллюстрации, yandex.ru
Минск, университет БНТУ, проспект Независимости
Фото использовано в качестве иллюстрации. Фото: Reuters

Полешуки

Очень вкусно

В фокусе - Полесье

Для тебя